Ян Барысюк
Ян Барысюк | |
---|---|
Род дзейнасці | каталіцкі святар |
Дата нараджэння | 1888 |
Дата смерці | 1953 |
Веравызнанне | Каталіцкая Царква |
Ян Барысюк (9 лютага 1888, Брэст —1953, ППЛ ОмЛаг) — каталіцкі святар, грамадскі дзеяч.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў Брэсце, дзяцінства праводзіў у Краснаставе на Любельшчызне. У 1899—1906 гадах навучаўся ў брэсцкай гімназіі.
У сваім аўтабіяграфічным творы, выдадзеным у 1937 годзе, Ян пісаў: «Хлусня і паклёп, кінутыя на Польшчу ў падручніку гісторыі знакамітага Ілавайскага, адкрытая пагарда да рэлігійна настроеных студэнтаў-каталікоў, пастаянныя прыдзіркі да польскага студэнта за кожную дробязь і цярпімасць да ўсяго да рускіх студэнтаў, выклікалі глухі бунт».
Ужо ў 4 класе стаў сябрам падпольнай польскай народна-асветніцкай арганізацыі. Займаўся распаўсюджваннем сярод моладзі забароненых выданняў — месячнікаў «Поляк» і «Кілінскі», якія дастаўляліся з Кракава.
У 1906—1911 гадах навучаўся ў духоўнай семінарыі ў Жытоміры. У 1911 годзе прыняў сакрамант святарства.
Першым месцам духоўнай службы ксяндза Яна Барысюка было мястэчка Красне на Падоллі, ужо праз некалькі месяцаў яго перавялі на пасаду вікарыя пры кафедральным касцёле ў Камянцы-Падольскім.[1]
Адначасова выкладаў на польскай і рускай мовах у мясцовай школе.
Неўзабаве атрымаў яшчэ і пасаду прэфекта мужчынскай і жаночай гімназій і двух гандлёвых школ. Тут праявіліся яго канспірацыйныя здольнасці — Ян арганізаваў адукацыйныя гурткі і польскамоўную бібліятэку.
З пачаткам Першай сусветнай вайны некалькі разоў змяняў месца жыхарства, але ўвесь час займаўся дабрачыннай гуманітарнай дзейнасцю, дапапагаў як цывільным жыхарам, так і ваенным.
У 1919—1920 гадах служыў у Купіне, Старой Ушыцы.
У чэрвені 1920 года ўступіў у Войска Польскае, якое адступала ад Кіева. Як капелан разам з 3-м лодзскім батальёнам адышоў на захад. У ліпені 1920 года быў прыпісаны да палявога шпіталя № 1011 у складзе 6-й арміі.
З 1922 года служыў у Брэсце капеланам ІХ акруговага шпіталя і мясцовым школьным прэфектам у чатырох класах дзяржаўнай гімназіі імя Р. Траўгута. Падчас службы ў Брэсце займаўся арганізацыяй работы жаночай гімназіі, жаночай рамеснай школы, чытальні, харцэрскіх лагераў.
Калі ў 1933 годзе Ян Барысюк выехаў да Баранавіч, то ўжо быў вядомым у Заходняй Беларусі грамадскім дзеячам.
З 1 жніўня 1933 года быў пробашчам парафіі Баранавічы (Касцёл Узвышэння Святога Крыжа),[2] настаўнікам рэлігіі ў баранавіцкіх школах.
У 1930-я гады Баранавічы актыўна развіваліся як адміністрацыйны, транспартны і гандлёвы горад, «усмоктваючы» жыхароў вёсак і мястэчак са сваімі традыцыямі і характарам. Таму ксёндз пачаў рэалізоўваць так званы «Жывы касцёл».
У 1933 годзе душпастыр уводзіць у мясцовым касцёле Узвышэння Святога Крыжа катэхізацыю пасля кастрычніцкіх ружанцовых казанняў, урачыстую працэсію на могілкі ў дзень 1 лістапада разам з гарнізонам для падкрэслення звязку войска і грамадзян у прысвячэнні славы Богу, калядаванне ў перыяд Божага Нараджэння. Таксама пачалі праводзіць «Цёмныя раніцы», працэсіі на свята Божага цела.
Ксёндз Ян Барысюк таксама ініцыяваў пешыя пілігрымкі з Баранавіч да Новай Мышы, Вільні і Чанстахова.[3]
Шмат зрабіў ксёндз і для папулярызацыі рэлігіі сярод гараджан Баранавіч. Пры парафіі была арганізавана бібліятэка, продаж прэсы. Было арганізавана выданне мясцовага каталіцкага перыядычнага выдання «Chrześcijański kalendarz-przewodnik».
У 1933 годзе па ініцыятыве ксяндза была пабудавана ўваходная каменная брама, праведзены рамонт даху касцёла.[3]
27 студзеня 1935 года ў Баранавічах упершыню былі праведзены «Дні Каталіцкія», прапанаваныя Янам Барысюком. Да сумесная камуніі далучылася некалькі соцень асоб. У публічнай акадэміі, прысвечанай пытанням міласэрнасці і прапаганды любві ўзяло ўдзел каля 1000 слухачоў.
Старыя прыхаджане касцёлу ў Баранавічах згадваюць, што ксёндз Ян Барысюк, нягледзячы на магчымасць выехаць у Польшчу, у самыя цяжкія часы вайны і ў пасляваенны час заставаўся са сваімі прыхаджанамі. Быў актыўным гараджанінам, апекуном харцэрства, педагогам.[4]
У 1945—1947 гадах — генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі.
Арыштаваны МДБ у 1947 годзе. Перавезены ў Камянец-Падольскі, дзе асуджаны на 10 лет лагераў. Зняволены ў ППЛ СібЛаг каля Омска, дзе і загінуў ў 1953 годзе.
Зноскі
- ↑ JAN KAZIMIERZ BORYSIUK — MARTYROLOGIUM . www.swzygmunt.knc.pl. Праверана 4 красавіка 2024.
- ↑ Parafia Podwyższenia Krzyża Świętego w Baranowiczach - www . www.xn--meb.pisz.pl. Праверана 4 красавіка 2024.
- ↑ а б Waldemar Witold Żurek Geneza parafii rzymsko-katolickiej pod wezwaniem Matki Bożej Królowej Korony Polskiej w Baranowiczach // Archiwa, Biblioteki i Muzea Kościelne. — 2015-12-16. — Т. 104. — С. 363–394. — ISSN 2545-3491. — DOI:10.31743/abmk.12514
- ↑ Ks. Jan Borysiuk: duszpasterz, pedagog, patriota – Echa Polesia . polesie.org. Праверана 4 красавіка 2024.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Няхай Сведчанне іх веры не забудзецца — Лёс каталіцкага касцёла на беларусі ў 1917—1953 // Непакалянаў, 2000
- Spis kościołów i duchowieństwa diecezji Pińskiej w r.p. 1933 i 1934//Пінск, 1933
- Віктара Астрога «Баранавіцкія касцёлы» // Наша Вера 2/1999